У Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС (ГУБАЗіК) можна ўбачыць партрэт Іосіфа Сталіна. Сілавікі лічаць, што за яго часамі «ўсё было не так дрэнна» і была добрая эканоміка. Пра гэта ў інтэрв'ю праекту «жыццё-маліна» Мікіты Мелказёрава расказала былая палітзняволеная Наталля Дуліна.

«Калі мяне ГУБАЗ забраў, прывёў ужо да сябе ў пакой, я ўбачыла, што над сталом гэтага опера вісіць партрэт Сталіна — ксеракапіяваны, відаць, фотаздымак. І там жа цытата: „Я думаў, што дэмакратыя — гэта ўлада народа, але спадар Рузвельт мне патлумачыў, што дэмакратыя — гэта ўлада амерыканскага народа“. Я яму нічога не сказала», — падзялілася Дуліна.
Гэтае выказванне, якое з’явілася ў XXI стагоддзі, ніякага дачынення да Сталіна не мае. Гэта чарговая з мноства цытатаў, прыпісаных яму ўжо пасля яго смерці.
«Калі пасля аднаго з допытаў следчы пытаў, як да мяне ставіліся ў ГУБАЗе, ці не білі, я сказала, што не — толькі прыніжалі і хамілі.
І кажу (знайшла каму казаць): „Уяўляеце, у яго там вісіць гэта“. І ён мне кажа: „Ну, за Сталіным усё было не так дрэнна“. Я кажу: „Ён жа забойца, у яго рукі ў крыві“. Ён кажа: „Ну, затое эканоміка якая была“», — расказала яна.
Экс-выкладчыца адзначыла, што для яе размовы пра добры СССР непрымальныя, яна лічыць, што «мы павінныя перастаць быць астраўком Савецкага Саюза» — і людзі, і ўлады.
Як лічыць расійскі даследчык Вадзім Эрліхман, за 1923−1953 гады ад сталінскага тэрору загінулі 230 тысяч жыхароў. Паводле яго ацэнак, з іх былі пакараныя смерцю і забітыя 60 тысяч, загінулі ў турмах і лагерах 120 тысяч (апошняя лічба ўваходзіць у агульную колькасць людзей, зняволеных у турмах і лагерах, — 600 тысяч), загінулі ў высылцы 50 тысяч (апошняя лічба ўваходзіць у агульную колькасць людзей, высланых з рэспублікі, — 250 тысяч). Агульная колькасць рэпрэсаваных па гэтай графе — 910 тысяч.
Паводле інфармацыі з праўладных крыніц, за 1917−1953 гады ў БССР вынеслі 35 868 расстрэльных прысудаў. У БССР было 11 месцаў пахавання расстраляных: Курапаты пад Мінскам, а таксама падобныя месцы ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Мазыры, Оршы, Полацку, Слуцку і Чэрвені.
Нагадаем, 60-гадовая Дуліна — адна з вызваленых 21 чэрвеня палітычных зняволеных. Яна былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы МДЛУ. У 2023-м яе асудзілі на 3,5 года зняволення. Да выхаду з калоніі жанчыне заставалася паўгода.
Чытайце таксама


