Палітык Анатоль Лябедзька гатовы абмяняць сябе на іншых палітвязняў, адзін з якіх — яго сын Арцём. Пра гэта ён заявіў падчас «Сварка-шоу» на Deutsche Welle.

«Я чуў, ёсць чорны спіс для ўлады. Я гатовы пайсці ў гэты спіс улады, у абменны спіс, быць побач з іншымі, і хай будзе дзесяць для Лукашэнкі так званых мярзотнікаў, і давайце мы іх абмяняем. Я гатовы, што калі іх абмяняюць там на палову [паліт]зняволеных, якія сядзяць, і сярод іх будзе мой сын, я гатовы ісці туды. Я гатовы ісці туды, адкуль выйшаў Ціханоўскі, і гэта не нейкая няпраўда, так, я адказваю, бо я кажу гэта публічна. Гэта мая цана за сына», — сказаў палітык.
Нагадаем, у 2023 годзе сына палітыка Анатоля Лябедзькі Арцёма, якога судзілі за данаты ў тры фонды салідарнасці, асудзілі на тры з паловай гады калоніі.
У судзе палітвязень заявіў, што яму не зразумелая сутнасць выстаўленых абвінавачанняў і ён не разумее, за што трапіў на лаву падсудных.
Раней кіраўнік НАУ Павел Латушка таксама прапаноўваў абмяняць сябе і ўсю мужчынскую частку каманды НАУ на ўсіх палітвязняў Беларусі. Гэта быў адказ Латушкі на прапанову Лукашэнкі абмяняць журналіста Андрэя Пачобута на палітыка і ягоную каманду.