Тэлеграм-канал ГУБАЗіК апублікаваў «зварот да грамадзян» з просьбай дапамагчы апазнаць на фота ўдзельнікаў акцый пратэсту 2020 года ў Гродне. Раней сілавікі такім самым чынам шукалі беларусаў, якія выходзілі на маршы ў Баранавічах і Жодзіне.

Прапагандысты апублікавалі відэа мужчын, якія стаяць у счэпцы на адной з вуліц Гродна. У кадр трапілі твары дзясяткаў чалавек. З іх аператыўнікі вылучылі семярых, чые асобы яны спрабуюць высветліць. Сілавікі назвалі іх «удзельнікамі масавых парушэнняў грамадскага парадку ў Гродне ў 2020 годзе».
Раней аналагічным метадам тэлеграм-канал ГУБАЗіК спрабаваў высветліць асобы людзей, якія трапілі на фатаграфіі з пратэстаў у Жодзіне і Баранавічах.
Нагадаем, раней «Вясна» паведаміла, што ў Беларусі апошнім часам пачалі актыўней судзіць за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК). Гэта можа быць звязана з заканчэннем тэрміну даўнасці па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса. Пры гэтым працягваецца пераслед па арт. 293 КК (Удзел у масавых беспарадках).
Адзначаецца, што судовыя справы па арт. 342 КК у апошнія тыдні пастаўленыя «амаль на канвеер».
Як раней расказаў «Люстэрку» прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар, МУС паставіла задачу супрацоўнікам узмацніць працу па пошуку і затрыманні пратэстоўцаў.