На межах Беларусі з краінамі Еўрасаюза працягваюцца праверкі, допыты і затрыманні. Сваёй гісторыяй у сацсетках падзяліўся беларус. Мужчына прыехаў у госці да блізкіх, але замест запланаванага тыдня прабыў у краіне 20 дзён — праз тое, што ў пункце пропуску «Брэст» яго затрымалі за лайк, які ён нібыта паставіў у дзень перасячэння мяжы. Журналіст BGmedia вывучылі, што на мінулым тыдні і ў пачатку гэтага пісалі карыстальнікі памежных тэлеграм-чатаў наконт праверак тэлефонаў і допытаў на беларускай мяжы.

Арфаграфія і пунктуацыя паведамленняў выпраўленыя з захаваннем сэнсу, а некаторыя з іх скарочаныя.
Як правяраюць тэлефоны на мяжы Беларусі
Карыстальнікі памежных чатаў пацвярджаюць інфармацыю, што людзей дапытваюць і затрымліваюць не толькі на ўездзе ў Беларусь, але і на выездзе. Такі інцыдэнт здарыўся 10 ліпеня з пасажырам аўтобуса Мінск — Вільнюс:
«У 16.05 выезд з Мінска па раскладзе. У 21.25 заехалі ў РБ. У 21.40 старт кантролю. Быў допыт. Аднаго чалавека знялі з аўтобуса. У 22.40 ад’язджаем ад кантролю РБ. Сталі ля Duty Free».
А 11 ліпеня ў пункце пропуску «Брэст» дапытвалі дзяўчыну. У аўтобус яна не вярнулася:
«Мяжу прайшлі хутка, але чакалі з допыту 4 гадзіны. Адну дзяўчыну так і не адпусцілі».
Беларусы спрачаюцца, ці дапытваюць на мяжы тых, хто доўга не быў у краіне. Адны ўпэўненыя, што дапытваюць, і дзеляцца сваімі гісторыямі. Іншыя настойваюць, што дапытваюць не ўсіх. І таксама ў якасці доказаў публікуюць свае аповеды. Вось два, якія напісалі на мінулым тыдні:
«Выбарачна бяруць. Мая сястра з беларускім пашпартам 5 гадоў не была ў Беларусі. Бедны аўтобус цэлую гадзіну яе чакаў, бо „наш служыцель“ 20 хвілін з ёй гутарыў, а потым рэшту часу ўбаку курыў, але яе не адпускаў, пакуль яна кіпіш не падняла. Не ведаю, што чыняць».
«Варшава — Мінск, 8 ліпеня. У 16.05 праверка пашпартоў у аўтобусе на беларускай мяжы. Прайшлі хутка, на размовы не бачыла каб кагосьці адводзілі. Я не была 6 гадоў у РБ і маральна была да размовы гатовая, але яе не было. Аўтобус з рэнтгена доўга чакалі. Выехалі ў Мінск у 22.00».
У памежных чатах пішуць, што допыты на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам праводзяць кожны дзень. Іх называюць іх «гутаркамі», «размовамі», «фільтраваннем», «апытаннем». Вось некаторыя паведамленні, у якіх ёсць падрабязнасці:
«11 ліпеня. У 07.15 пашпартны ў беларусаў. У 10.45 аўтобус выехаў з рэнтгена РБ. У 13.10 выехалі з мяжы РБ. Доўга чакалі людзей з допыту».
«11 ліпеня ў 15.15 — пашпартны і мытны Беларусі. Хвілін 30 чакалі аўтобус з рэнтгена і гадзіны паўтары — людзей з гутарак. У 17.00 выезд з мяжы».
«Тэрэспаль — Брэст. У 14 гадзін 12 ліпеня падсеў у шосты аўтобус. Польскі рух заняў 5 гадзін. Што гэтыя таварышы ў пагонах робяць, наогул незразумела. Прайшлі пашпартны кантроль і мытню за 5 хвілін на чалавека. З аўтобуса, які стаяў наперадзе, пры мне адвялі шэсць ці сем чалавек у нейкую камору каля пашпартнага кантролю. Мабыць, праз такія целарухі і калапс».
«12 ліпеня ў нашым аўтобусе на гутарку пайшлі 5 чалавек, усе беларусы».
«Адштампаваліся і доўга стаялі ўжо ў нашых. Аўтобус на рэнтген. У 10.15 селі ў аўтобус. На пашпартным 7 чалавек на размову забралі. Стаялі, чакалі. Шмат аўтобусаў нас аб’ехала. У 12.25 выезд у РБ».
«Аўтобус Вільнюс — Гродна, 13 ліпеня. У 01.25 пад’ехалі да беларусаў. У 01.30 зайшлі на пашпартны кантроль. Дзвюх жанчын запрасілі на гутарку, але вельмі хутка адпусцілі. У 02.25 выехалі з мяжы».
«РП — РБ, 13 ліпеня. У 02.00 пад’ехалі на пашпартны, перад намі 2 аўтобусы. У 02.49 пашпартны РБ. У 03.50 прайшлі пашпартны, чакаем чалавека з размовы. У 04.50 выехалі з пункта пропуску».
«РП — РБ, 14 ліпеня. У 07.30 праверка дакументаў і багажу РБ + чаканне людзей з гутаркі. У 08.50 выехалі з мяжы».
«Вроцлаў — Мінск (з перасадкай у Марыямпалі), 14 ліпеня. У 11.10 пачатак пашпартнага кантролю РБ з усімі рэчамі праз сканер. 5 чалавек на гутаркі, аўтобус на рэнтген. Выезд з мяжы ў 12.25».
Як сілавікі правяраюць на мяжы замежнікаў
У памежных чатах адзначаюць, што дапытваюць на мяжы Беларусі наогул усіх замежнікаў:
«Не толькі ўкраінцаў бяруць — немцаў, палякаў і г. д. Усіх замежнікаў».
Сям’я ўкраінцаў сама расказала, як іх дапытвалі на мяжы Беларусі з Латвіяй:
«Сама гутарка нядоўга — хвілін 5−10. Доўга чакалі, нас з чаргі агульнай прыбралі, мы сумна назіралі, як усе праходзяць і праязджаюць. Гадзіны 2, здаецца, а потым у канец чаргі».
Таксама беларусы адзначаюць, што на мінулым тыдні ўкраінцаў дапытвалі доўга і старанна. Некаторых не пусцілі ў краіну:
«РП — РБ, 9 ліпеня. У 09.30 — беларускі пашпартны. У 10.00 выйшлі з пашпартнага РБ, чакаем аўтобус з праверкі, потым чакаем грамадзян Украіны. У 10.55 выязджаем».
«У 14.44 [10 ліпеня] мама пісала, што прайшлі нашых, за ёй было некалькі чалавек яшчэ. Украінцаў шмат было, сказалі, гадзін 5−8 допыту забяспечана, цяпер тэлефанавала ім, не падымаюць, будзе што вядома, адпішу».
«10 ліпеня шмат аўтобусаў, плюс вельмі шмат украінцаў забіраюць на допыты і амаль усе аўтобусы на сканар».
«РП — РБ, 11 ліпеня. У 18.30 паклікалі на пашпартны кантроль Беларусі. У 19.35 прайшлі, 3 украінцаў не пусцілі ў Беларусь, чакаем яшчэ людзей. У 20.05 выязджаем».
«РП — РБ, 11 ліпеня. Праходжанне ўнутры заняло 8 гадзін. Вельмі павольна ўсё. Украінцаў асабліва доўга правяраюць».
Але часам здараецца цуд, і ўкраінцаў не забіраюць на допыты на мяжы Беларусі. Такі выпадак адбыўся 11 ліпеня ў пункце пропуску «Брэст»:
«У аўтобусе было шмат украінцаў, чалавек 10 дакладна, стаялі на ўезд перад беларускім шлагбаўмам, зайшоў памежнік, спытаў, якія ва ўкраінцаў пашпарты, ці ёсць у іх расійскія пашпарты. Потым увесь аўтобус адправілі на пашпартны кантроль проста ў будцы перад шлагбаўмам на ўезд у РБ. Ніводнага ўкраінца не забралі на допыт. Але пекла пачалося на беларускай мытні».
Што пытаюць у чатах пра праверкі тэлефонаў і гутаркі на мяжы Беларусі
У асноўным у памежных чатах пра праверкі тэлефонаў і гутаркі пытанні задаюць грамадзяне Украіны. Ці беларусы, якія хочуць прыехаць у краіну з украінцамі, чакаюць да сябе ў госці ўкраінцаў. Адно з такіх пытанняў:
«Усім прывітанне! Інтымнае пытанне: хочам з’ездзіць у РБ з Польшчы, дзяўчына — украінка. Могуць быць нейкія складанасці на мяжы? Моцна чапляюцца? У абаіх (я беларус) тэлефоны правераць? Пытанні ў адэкватнай манеры або з разраду: „Вы хаваеце ў сябе ворагаў рэйха?!“»
На такія пытанні звычайна адказваюць разгорнута. І дзеляцца падрабязнасцямі допытаў. Некалькі прыкладаў:
«Усё адэкватна, паважліва і культурна. У яе тэлефон дакладна будуць старанна правяраць. Пытанні адэкватныя: дзе жывяце, чым займаецеся і г. д. Калі, вядома, нічога падазронага не знойдуць».
«Пытанні з разраду: адкуль едзеце, куды, навошта, дзе плануеце жыць падчас знаходжання ў РБ і да т. п. Ну і тэлефон правераць на прапаганду, лайкі, рэпосты і да т. п.»
«Калі ёсць грамадзянства Украіны, то 100% на фільтрацыю. Калі грамадзянства РБ, то на размову, калі засвяціліся ў падзеях 2020 года альбо не былі ў РБ больш за год, то могуць выклікаць, а могуць і не выклікаць».
«Калі толькі грамадзянства Расіі, то не. У мяне расійскае і чэшскае — ніколі не клічуць. У маёй жонкі чэшскі і ўкраінскі пашпарты — заўсёды ідзе на гутаркі з праглядам тэлефона. Апошні раз наогул трое камітэтчыкаў было. Адзін глядзеў тэлефон, іншы гаварыў, а трэці ўбаку назіраў:)».
«Давядзецца прайсці фільтрацыю з гутаркай з асабістам і праверкай сацсетак, тэлефона і г. д. на наяўнасць чаго-небудзь супраць РФ або РБ. Калі знойдуць, то разварот з пастаноўкай штампа ў пашпарце ў адмове на ўезд [у Беларусь] на няпэўны тэрмін».