У TikTok апублікавалі «выпадковае інтэрв'ю» з лідарам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алегам Гайдукевічам. Дэпутат, седзячы за рулём іншамаркі, расказаў вядоўцу, як цяперашнім маладым людзям дабіцца поспеху. Мяркуючы з каментароў, парады праўладнага парламентарыя моладзь не ўразілі.
@e.yasnikov7 Нам удалось поймать Олега Сергеевича Гайдукевича — депутата и кандидата в президенты Республики Беларусь. Мы поговорили о том, как выбрать направление, в котором развиваться, как мужчине добиться успеха и почему дисциплина побеждает любой талант. Скоро полный выпуск на YouTube.
♬ original sound — Егор Ясников
«Я ўсім маладым людзям раю — марыць і працаваць. Не вымяраць поспех грашыма, машынамі ці нечым яшчэ. Самы няшчасны чалавек, нават калі ў яго грошы ёсць, — калі ён займаецца нелюбімай справай», — сказаў Гайдукевіч.
Ён таксама заўважыў, што вышэйшая адукацыя патрэбная толькі каб стаць усебакова развітым чалавекам. І адзначыў, што ў яго іх дзве — Акадэмія МУС і Акадэмія кіравання пры прэзідэнце.
На пытанне, які самы каштоўны ўрок ён атрымаў за 13 гадоў у палітыцы, дэпутат адказаў, што ніколі не варта спыняцца.
«Кожную раніцу прачнуўся — пачынаеш спачатку, кожны дзень — барацьба, сіла волі кожны дзень», — заявіў Гайдукевіч.
Пры гэтым ён лічыць, што сувязі ці багатыя бацькі «могуць сапсаваць жыццё».
У каментарах карыстальнікі абурыліся парадамі Гайдукевіча, далі некалькі сваіх і прыгадалі дэпутату скандал з дзікпікам:
- «А што толку, што ў цябе дзве вышэйшыя адукацыі, для народа што ты зрабіў?» — пацікавіўся карыстальнік з нікам Евгений Поздняков.
- «Чаго б ён дабіўся без таткі (бацька Алега Гайдукевіча — заснавальнік ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч. — Заўв. рэд.)? Марыў бы і працаваў?» — minskikras.
- «Абы не працаваць — спачатку ў МУС, потым у дэпутаты», — Cvjt.
- «Гучыць як заклік кінуць нелюбімую працу на заводзе і ў калгасе і пайсці ў палітыку. Такіх дарадцаў трэба далей трымаць ад улады і экранаў ТБ, а то разбягуцца бэтманы па Еўропах…» — TABULIN DZMITRIY.
- «Запомніцца Алег нам карцінкай у тэлеграме», — Маладая Грамада.
- «Я не зразумеў, якая ў яго нялюбая справа ў жыцці — МУС ці дэпутацтва», — Dzmitry Klimovich.
- «Усё крута, але ты можаш паказваць яго машыну? Бо цікава», — 79.