Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што першыя зенітныя ракеты Patriot ужо адпраўленыя ва Украіну. Паводле яго словаў, гаворка пра сістэмы, перададзеныя Германіяй, якія потым будуць ёю ж папоўненыя.

«Ракеты будуць прывезеныя з Германіі і потым закупленыя Германіяй. І ў любым выпадку Злучаныя Штаты атрымаюць поўную аплату. NATO і ЕС кампенсуюць выдаткі — часткова наўпрост, часткова праз асобныя дзяржавы — сябры ЕС», — цытуе Трампа BILD.
Раней канцлер Германіі Фрыдрых Мерц прапанаваў амерыканцам выкупіць у іх сістэмы Patriot для перадачы Украіне. Адна з такіх размоваў адбылася 3 ліпеня. Тады нямецкі канцлер патэлефанаваў у Авальны кабінет, каб прапанаваць купіць у ЗША дзве сістэмы Patriot для Украіны пасля таго, як ЗША прыпынілі ваенную дапамогу Кіеву, піша The Wall Street Journal.
Выданне ўдакладняе, што Трамп, імаверна, не ведаў пра паўзу ў пастаўках узбраення і здзіўлена спытаў у міністра абароны Піта Хегсэта: «Што адбываецца?»
Праз некалькі дзён Трамп убачыў кадры наступстваў чарговага абстрэлу Расіяй Украіны і сам патэлефанаваў Мерцу. У размове ён прапанаваў прадаць не дзве, а пяць сістэм Patriot.
WSJ піша, што Мерц быў здзіўлены, зразумеўшы, што Трамп страціў цярпенне што да Пуціна, і пагадзіўся купіць адразу пяць сістэм, хоць для гэтага яму з іншымі еўрапейскімі лідарамі трэба было яшчэ знайсці фінансаванне.
Цяпер гэтая ініцыятыва пачала ажыцьцяўляцца. Кошт адной ракеты ў мадыфікацыі PAC-3 дасягае чатырох мільёнаў даляраў.
Нагадаем, змена пазіцыі Трампа што да Украіны была абумоўленая ягоным ростам раздражнення ў дачыненні да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
«Чатыры разы я быў упэўнены, што мы пра ўсё дамовіліся, — а потым вяртаўся дадому і бачыў, што ў Кіеве зноў абстралялі які-небудзь дом састарэлых ці яшчэ што-небудзь такое. Я кажу: „Што гэта, халера, наогул было?“» — расказаў Трамп у інтэрв'ю Бі-бі-сі.
Ён дадаў, што вельмі расчараваны Пуціным, але «не паставіў на ім крыж».